Страницы

среда, 22 июля 2020 г.

Развіццё маўлення дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту сродкамі мастацкай літаратуры.

Адной з галоўных задач выхавання і навучання ў дзіцячым садзе з’яўляецца авалоданне дашкольнікамі роднай мовай. Нягледзячы на тое, што дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы і многія з іх разумеюць яе, сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе, на жаль, адсутнічае [2, с. 4].

Аднак, развіццё маўлення дзіцяці, авалоданне багаццямі роднай мовы, літаратуры, мастацтва – асноўныя элементы фарміравання асобы, нацыянальнай самасвядомасці дашкольніка, далучэння яго да вытокаў нацыянальнай культуры. Таму асаблівую ўвагу ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту неабходна надаваць развіццю іх беларускага маўлення, умення выражаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі на мове свайго народа.

Паўнацэннае маўленчае развіццё дзіцяці не можа ажыццяўляцца без апоры на мастацкае слова. У сучаснай сацыялінгвістычнай сітуацыі, калі дзеці часта чуюць руска-беларускую гаворку, недасканалае маўленне выхавальніка, далучыць іх да жывога беларускага слова, садзейнічаць засваенню выразных сродкаў роднай мовы на ўзроўні чуцця магчыма толькі праз мастацкую літаратуру [2, с. 4].

Праз літаратурныя творы маленькія слухачы, як праз акенца, маюць магчымасць убачыць усю прыгажосць і разнастайнасць навакольнага свету [1, с. 3].

Аднак у сучасных метадычных дапаможніках адсутнічае дакладна распрацаваная сістэма выкарыстання твораў беларускай мастацкай літаратуры ў вольны ад заняткаў час.

Працуючы ўжо не адзін год, я заўважыла, што цяжкасці ўзнікаюць пры правядзенні назіранняў у прыродзе з выкарыстаннем беларускамоўных твораў, таму мною былі падабраны вершы для правядзення назіранняў, распрацаваны планы-канспекты назіранняў.

Картатэка назіранняў на прагулцы з выкарыстаннем беларускіх мастацкіх твораў

 

(Аўтарская распрацоўка)

Назіранні летам

 

Назіранне за сонцам

 

Мэта: фарміраваць уяўленне аб тым, што калі свеціць сонца, то на вуліцы цёпла; падтрымліваць радасны настрой; заахвочваць дзяцей да ўдзелу ў размове; развіваць жаданне выказвацца.

Ход назірання

У сонечны дзень прапанаваць дзецям паглядзець у акно і заклічкай звярнуцца да сонца.

 

Сонейка, сонца,

Выгляні ў аконца,

Пасвяці нам трошку,

Дам табе гарошку.

                                З народнага

 

На пляцоўцы звярнуць увагу дзяцей на цёплае надвор’е.

Сонца свеціць і грэе. Яно вельмі вялікае.

– Якой формы сонца?

– Якога яно колеру?

Яно абагравае ўсю зямлю, пасылае свае праменьчыкі.

Вынесці на прагулку маленькае люстэрка і сказаць, што сонца пасылае свой праменьчык дзецям, каб яны пагулялі з ім. Навесці прамень на сцяну. Сонечныя зайчыкі гуляюць на сцяне, пакуль свеціць сонца, а калі яно пойдзе спаць, то і сонечныя зайчыкі знікнуць.

 

Сонечны зайчык

Гуляў па сцяне.

Сонца заснула –

Прапаў у цемнаце.

З лаўкі саскочыў,

Падумалі – знік.

Свеціць нам ноччу,

Быццам начнік.

Я калыханку слухаў

Ды спаў –

Сонечны зайчык

Месячным стаў.

                             Д. Бічэль-Загнетава

 

Назіранне за дажджом

 

Мэта: пазнаёміць з прыроднай з’явай – дажджом; вучыць падбіраць словы для характарыстыкі з’яў прыроды; замацоўваць артыкуляцыю гуку [дж]; развіваць мысленне, жаданне валодаць роднай мовай.

 

Ход назірання

У дажджлівае надвор’е прапаную дзецям паназіраць з акенца, як кроплі дажджу падаюць на зямлю, як стукаюць па шкле. Паслухаць разам з дзецьмі шум дажджу (ёсць дожджык вясёлы, а ёсць сумны), адзначыць, які дождж. Прачытаць дзецям верш.

 

Дожджык

Дожджык часта сыпаў, ліў,

Па двары ручай паплыў.

Пабягу хутчэй гуляць

І караблікі пускаць.

Парасон я распрастаў –

Дождж адразу перастаў.

Напужаўся, мабыць, ён,

Як убачыў парасон.

                             Тадзіяна Кляшторная

 

– Пад чым можна схавацца ад дажджу?

Развучыць чыстагаворку «Джу-джу-джу – рады мы дажджу».

 

Назіранне за дзьмухаўцом

 

Мэта: вучыць пазнаваць і называць кветку па-беларуску; пашыраць слоўнік дзяцей; выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды.

 

Ход назірання

 

Загадка

 

Ля дарогі – шарык белы.

Вецер дзьме, а шарык цэлы.

А як дзьмухнуць хлапчукі –

Пух ляціць ва ўсе бакі. (Дзьмухавец)

                                                                  В. Жуковіч

Паказаць дзецям кветку. Сказаць, што ў перакладзе на рускую мову “дзьмухавец” – гэта “одуванчик”.

– Якога колеру кветка?

– Якой яна формы?

– На што падобная кветка?

Калі насенне выспявае, кветка ператвараецца ў “шарык белы”.

Прапанаваць знайсці дзьмухавец, падзьмуць на яго.

– Што адбылося?

 

Назіранне за матыльком

 

Мэта: вучыць дзяцей пазнаваць матылька; называць яго характэрныя асаблівасці; выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды; практыкаваць у зносінах на роднай мове.

 

Ход назірання

 

Дзеці, глядзіце, якая прыгажосць!

– Хто гэта на кветачцы?

Вось ён узмахнуў крылцамі і паляцеў.

– Куды ён паляцеў?

Дзеці знаходзяць позіркам матылька, назіраюць за яго палётам.

– На што падобны матылёк?

Яго крылцы яркія, рознакаляровыя. Матылёк вельмі прыгожы. Але яго нельга лавіць, дакранацца рукамі, таму што на крылах у матылька ёсць пылок. Калі злавіць матылька, то пылок застанецца на руках, а матылёк не зможа больш лятаць.

 

Матылёчкі-матылі

– Матылёчкі-матылі,

Дзе ляталі, дзе былі?

Мы ляталі па лугах,

Начавалі на палях.

– Матылёчкі-матылі,

Што вы елі, што пілі?

– Быў на кветачцы мядок,

На траве салодкі сок.

                                      Аляксей Пысін

 

– Дзе ляталі матылькі?

– Што пілі?

– Дзе іх дом?

 

Назіранне за пладовымі дрэвамі

 

Мэта: вучыць пазнаваць і называць пладовае дрэва – яблыню; развіваць дыялагічнае маўленне.

 

Ход назірання

Прывясці дзяцей у сад.

 

Загадка

 

Румяны Піліп да палкі прыліп. (Яблык)

 

Паказаць дзецям яблык.

– Якога ён колеру?

– Якой формы?

– Адкуль ён тут узяўся?

Гэта дрэва – яблыня.

 

Восенню ў садзе

 

На галіне тонкай

Яблыкі вісяць.

І гадае хлопчык:

– Як жа іх дастаць?

 

Выручыў малога

Вецер палявы,

Страсянуў галіну

І гукнуў:

– Лаві!..

                Іван Муравейка

 

– Дзе віселі яблыкі?

– Што хацеў зрабіць хлопчык?

– Хто яму дапамог?

 

Літаратура:

 

1. Дубініна, Дз. М. Мастацка-маўленчая дзейнасць у дзіцячым садзе: Дапам. для педагог. дашк. устаноў/ Дз. М. Дубініна, Н. С. Старжынская. – Мінск: Нар. асвета, 1999. – 103 с.

2. Старжынская, Н. С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі/ Н. С. Старжынская, Дз. М. Дубініна. – Мазыр: ТАА ВД «Белы Вецер», 2008. – 112 с.

 

 

 


Комментариев нет:

Отправить комментарий